Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

New

Алаіза Пашкевіч

(3 ліпеня 18765лютага 1916)

Біяграфія

Нарадзілася у фальв. Пешчын, цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобл.Псеўданім: Цётка—беларуская паэтэсаграмадскі дзеячпубліцыст.

Родам з шляхецкай сям'і. Скончыла Віленскае прыватнае сямікласнае вучылішча В. Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902—1904 вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцці. Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.

У 1904 А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. У 1904—05 — дзеячка БСГ (Беларускай Сацыялістычнай Грамады). Пад пагрозай арышту была вымушана ў 1905 на нейкі час пакінуць Вільню, але хутка вярнулася і прыняла ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля». Потым вымушаная эміграваць, едзе ў Галіцыю, дзе паступае вольнаю слухачкай (1905) на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Матэрыяльная незабяспечанасць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх. У 1908—09 А. Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім універсітэце (да 1911), пад чужым пашпартам наведвае Расійскую імперыю. У эміграцыі выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 яна пачынае выдаваць у  Мінску часопіс для моладзі «Лучынка». Каб паправіць здароўе, на некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю і Швецыю. У 1915  А. Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Дварыпад Лідай.

 

Творчасць

Падчас вучобы А. Пашкевіч у Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», А. Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Асяроддзе гэтага гуртка шмат у чым вызначыла яе грамадзянскую пазіцыю — актыўная барацьба з царызмам, сацыяльнае вызваленне працоўных, нацыянальнае вызваленне беларусаў. Тады ж пачалася і літаратурная творчасць А. Пашкевіч. У нелегальных выданнях гуртка — «Каляднай пісанцы» і «Велікоднай пісанцы» — былі змешчаны яе вершы «Мужык не змяніўся», «Музыкант беларускі», «Нямаш, але будзе».Самымі раннімі з вядомых вершаў А. Пашкевіч (Цёткі) лічацца «Лета» і «Восень», апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасці Цёткі. Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі раздрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод паднятых на рэвалюцыйнае змаганне ў 1906. Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі «Зялёнка», цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве «Міхаська». Апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і названыя вышэй вершы, друкавалася ў якасці пракламацыі. Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

 Бібліяграфія

  • Творы («Скрыпка беларуская»; «Хрэст на свабоду»; вершы, 1903—1915; апавяданні, нарысы; артыкулы; лісты) / Цётка; Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. — 302 с.
  • Избранное: стихотворения. Рассказы. Путевые очерки: перевод с белорусского / Тётка; Уклад. і прадм. С. Александровіча. — М.: Художественная литература, 1976. — 221 с.
  • Избранное («Скрыпка беларуская»; «Хрэст на свабоду»; вершы, 1903—1915; апавяданні, артыкулы) / Тётка; Прадм. А. А. Лойка; перакл. з бел. П. Кашаля. — Мн.: Юнацтва, 1986. — 222 с.
  • Тётка (Алоиза Степановна Пашкевич) (1876—1916) // Антология педагогической мысли Белорусской ССР / Уклад. Э. К. Дарашэвіч і інш.; рэд.кал.: М. А. Лазарук адк.рэд. і інш. — М., 1986. С. 258—264.
  • Избранное / Тётка; Пер. с белорус. П. А. Кошеля; Вступ. ст. О. А. Лойко. — Мн.: Юнацтва, 1987. — 222 с.
  • Вершы / Цётка; Уклад. В. Хлебавец; прадм. А. Лойкі]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — 214 с.
  • Выбраныя творы (паэзія, проза, чытанкі для дзяцей, лісты, дадатак) / Цётка; Уклад. і прадм. В. Коўтун; камент. С. Александровіча і В. Коўтун. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2001. — 333 с.
  • Вершы і апавяданні / Алаіза Пашкевіч (Цётка); Прадм. С. Х. Александровіча. — Мн.: Сталія, 2003. — 104 с.
  • Выбраныя творы / Цётка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. — 198 с. — (Школьная бібліятэка).

Раздзелы сайта